«П’Я́НЫ» ЛЕС,

лес з сагнутымі і нахіленымі (у адзін ці розныя бакі) стваламі дрэў, што часцей абумоўлена дэфармацыямі грунту. Найб. вядомы ўчасткі «П.» л. ў раёнах апоўзняў (напр., правабярэжжа р. Волга ў яе сярэднім цячэнні, Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа, паўд. бераг Крыма), абласцях развіцця тэрмакарсту (Цэнтр. Якуція), сходу снегавых лавін, у карставых раёнах са свежымі прасадкамі, праваламі, асяданнямі грунту. На Беларусі сустракаюцца асобныя ўчасткі, прымеркаваныя да зон інтэнсіўнага тэхнагеннага ўздзеяння (напр., паблізу Наваполацкага нафтапрамысл. комплексу).

А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)